ПЕРАЛІВА́ННЕ КРЫВІ́ гематрансфузія,

увядзенне ў крывяносную сістэму хворага (рэцыпіента) крыві здаровага чалавека (донара); эфектыўны лек. метад. Выкарыстоўваюць у хірург. практыцы, пры крывацёках, раненнях, шоках, апёках, анеміях, лейкозах, гемафіліі і інш. Адрозніваюць прамое П.к. (непасрэдна ад донара), непрамое (кансерваваная кроў), аўтагематрансфузію (уліванне хвораму ўласнай крыві), абменнае (частковае або поўнае выдаленне крыві з сасудзістага рэчышча хворага з адначасовым замяшчэннем яе адэкватным аб’ёмам донарскай крыві). Пералітая кроў аднаўляе нармальны кровазварот і газаабмен, спыняе крывацёк, уплывае на абмен рэчываў і кроваўтварэнне, звязвае таксіны ў арганізме. Пераліваюць таксама плазму крыві, клетачныя кампаненты крыві (эрытрацытарная, трамбацытарная, лейкацытарная масы і інш.), кровазаменныя вадкасці. Пры П.к. абавязкова ўлічваюцца групы крыві. На Беларусі даследаванні па П.к. вядуцца ў Гематалогіі і пералівання крыві навукова-даследчым інстытуце.

т. 12, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)